МУДАНІ́ЙСКАЕ ПЕРАМІ́Р’Е 1922,

падпісана 11.10.1922 у г. Муданья (Турцыя) прадстаўнікамі Вял. нац. сходу Турцыі з аднаго боку і ўрадаў Вялікабрытаніі, Францыі і Італіі — з другога; 13.10.1922 да іх далучылася Грэцыя. М.п. скончыла грэка-турэцкую вайну 1919—22 і канстатавала перамогу кемалісцкай рэвалюцыі. Прадугледжвала вывад у 30-дзённы тэрмін грэч. войск з Усх. Фракіі за р. Марыца і часовае захаванне войск саюзнікаў у г. Стамбул і раёне Чарнаморскіх праліваў да падпісання мірнага дагавора. Дзейнічала да заключэння Лазанскага мірнага дагавора 1923.

т. 11, с. 5

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)